ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Валянціна Ададурава(Валянціна Захараўна Ададурава)1941 – 1995- беларуская паэтэса, педагог.

Валянціна Захараўна Ададурава (дзявочае прозвішча Клыбік) нарадзілася 9 студзеня 1941 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучылася ў 7-годцы ў Хадзявічах, у Слонімскай СШ №1. У 1958 годзе скончыла Сянькоўшчынскую СШ Слонімскага раёна і паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. Пасля яго заканчэння з 1960 па 1962 гг. працавала ў Дзераўноўскім і Харашэвіцкім клубах Слонімскага раёна.
З 1962 па 1976 гг. настаўнічала ў 8-годцы ў Ялуцавічах Зэльвенскага раёна. У 1967 г. завочна скончыла аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. З 1976 года  выкладала беларускую мову і літаратуру ў СШ у вёсцы Казловічы (зараз - Елка) Зэльвенскага раёна.
У друку пачала выступаць з 1975 года. Вершы Валянціны Ададуравай друкаваліся ў зэльвенскай раённай газеце "Праца", "Слонімскім весніку", у зборніку паэтаў Гродзеншчыны "Краю мой - Нёман" (1986), часопісах "Роднае слова", "Работніца і сялянка" і іншых рэспубліканскіх выданнях.
Па сваім светаадчуванні, манеры думаць і гаварыць Валянціна Ададурава была найперш вясковай, сялянскай паэткай. Правёўшы дзяцінства і юнацтва ў вёсцы, паэтка зрабіла яе галоўным героем у сваіх паэтычных радках, выказала нястрымную любоў да малой радзімы. Свае вершы яна прысвяціла роднай слонімскай вёсцы Хадзявічы, зэльвенскім вёскам Шавулічы, Манцякі, Ялуцавічы, Елка, Крамяніца, родным краявідам і землякам:
Гайдае рэчка тут ваду
Знаёмымі ўсплёскамі.
А я сцяжынкаю іду,
А я прыспешваю хаду —
Спаткацца з роднай вёскаю.
Валянціну Ададураву хваляў і лёс роднай зямлі, мовы і народа, і прыгажосць беларускай прыроды, і пытанні маралі, міру.
Пры жыцці Валянціна Ададурава паспела выдаць толькі адзіны зборнік светлай паэзіі “Глыбінка”, які выйшаў у 1994 годзе ў Слонімскай друкарні. Гэтая кніга – сапраўдны зборнічак жаночых пачуццяў, захапленняў, радасці, дзе хораша апета родная зямля, што так прыцягвала чулае сэрца паэткі.
Творчых задумак у Валянціны Захараўны было шмат. Але лёс не даў іх здзейсніць. Цяжкая хвароба рана спыніла яе жыццё.
20 верасня 1995 года паэтэсы не стала.