ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада) 1909-1943
Беларускі паэт

Сяргей Міхайлавіч Серада нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў г. Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Серады пакінула родныя мясціны і ў 1915 годзе апынулася ў бежанстве ў Варонежы. Бацьку мабілізавалі ваяваць на фронт, адкуль ён не вярнуўся.
Маці з чатырма дзецьмі ў 1918 годзе вярнулася на Беларусь у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўмовах пасляваеннага голаду, холаду і разрухі маці было цяжка адной  гадаваць сына і трох дочак. Таму старэйшых Сяргея (12 гадоў), Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы.
Тут, у дзіцячым доме, хлопчык-падлетак  і пачаў сваю творчую паэтычную сцяжынку.
У 1924 годзе скончыў Мазырскую сямігадовую школу і паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.
У адзін з дзён 1925 года юнак прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчык літаратурнага аддзела газеты Кузьма Чорны, праслухаўшы  некалькі радкоў з вершаў маладога паэта, быў уражаны творчасцю юнака. У хуткім часе самыя лепшыя творы нашага земляка былі надрукаваны на старонках газеты пад псеўданімам “Дарожны”. З той пары вершы Сяргея Серады рэгулярна пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку.
У 1926 годзе малады паэт быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, а потым  стаў  членам  літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.
Першы паэтычны зборнік 17-гадовага юнака (у сааўтарстве з Ізраілем Плаўнікам) пад назвай “Звон вясны” выйшаў у 1926 годзе.  Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929 г.) і “Пракосы на памяць” (1932 г.).
Малады паэт, студэнт педагагічнага тэхнікума, а пасля  - БПУ меў вялікую папулярнасць сярод слухачоў, асабліва сярод моладзі. Падчас сустрэч з чытацкай аўдыторыяй слухачы разам з паэтам чыталі яго вершы.
Галоўнай тэмай паэта Сяргея Дарожнага, як і ўсіх яго сучаснікаў, было новае пераўтварэнне рэспублікі. Паэт славіў гераічныя будні савецкай Беларусі, апісваў хараство Палесся і гаротнасць палешукоў. Каб лепш спазнаць жыццё рабочых, паэт нават нейкі час працаваў на шкляной гуце ў Барысаве. Адтуль ён прывёз у сталіцу новыя творы, дзе ўслаўляў працоўныя будні.
Будучы сынам Заходняй Беларусі, Сяргей Дарожны ў творчых радках выказваў сваё хваляванне за лёс жыхароў роднай Гродзеншчыны, якая апынулася пад уладаў Польшчы:
Быў забітым ты, край мой родны,
Што крывёю палі імжыў,
Але веру – над Вільняй і Гродняй
Шчэ штандар волі будзе кружыць.
У той час у краіне абвастрылася палітычная атмасфера, узрос недавер і падазронасць да інтэлігенцыі. “За  сокрытие социального происхождения» Сяргея Дарожнага выключылі з універсітэта. Але ён сумеў аднавіцца і ў 1930 годзе атрымаў дыплом аб заканчэнні БПУ.                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                     
Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі».
Плённа займаўся паэтычнай творчасцю. У 1932 годзе выйшаў з друку трэці паэтычны зборнік “Пракосы на памяць” .
Пераклаў на беларускую мову творы рускіх пісьменнікаў: раман              Г. Караваевай “Лесазавод”, вершы Э. Багрыцкага, С. Кірсанава, А. Твардоўскага, І. Уткіна, І. Хворыка, апавяданні У. Караленкі і інш.
У 1934 годзе стаў членам  Саюза пісьменнікаў БССР, але ўжо ў 1935 годзе па прапанове паэта Андрэя Александровіча быў выключаны.
Атрымаў заданне напісаць кнігу пра першага сакратара ЦК КП(б)Б Міколу Гукалу. Сяргей Дарожны адказна прыняўся за работу: збіраў матэрыялы, гутарыў з героем.
Адначасова паэт рыхтаваў да друку свой чацвёрты зборнік паэзіі, якому так і не  ўдалося выйсці ў свет. 29 жніўня 1936 года на кватэры ў Мінску на Першым беларускім завулку, 3А, дзе пражываў Дарожны, органы НКУС БССР арыштавалі паэта па абвінавачванні ў  падрыхтоўцы замаху на Гікалу.
5 кастрычніка 1937 года выязная сесія Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Сяргея Дарожнага да 8 гадоў пазбаўлення волі ў канцэнтрацыйных лагерах. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры. Прабіваў трасу праз горы і тайгу.

Там, у Ніжне-Амурскім канцэнтрацыйным лагеры ў 1943 годзе паэт заўчасна загінуў, не дачакаўшыся вызвалення. Яму было тады толькі 34 гады.
Па хадайніцтву сястры паэта Надзеі Міхайлаўны Юшкевіч Сяргей Дарожны ў 1954 годзе быў пасмяротна рэабілітаваны і ўзноўлены ў Саюзе пісьменнікаў.
Якую спадчыну паспеў пакінуць пасля сябе навечна малады паэт, адзін з сотняў тысяч раструшчаных у лагерны пыл?
Тры прыжыццёвыя кніжачкі вершаў :

  • “Звон вясны”,
  • “Васільковы россып”,
  • “Пракосы на памяць”.

Праз доўгі час пасля смерці Дарожнага пад рэдакцыяй Максіма Лужаніна ў 1966 годзе выйшла кніга “Выбраныя вершы”, пад вокладкай якой сабрана лепшае з напісанага паэтам за нядоўгі перыяд яго літаратурнай творчасці.