ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) 1912-1999
Беларускі паэт

Іван Дарафеевіч Міско нарадзіўся 15 мая 1912 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці вяла гаспадарку, бацька часта працаваў на будаўніцтве дарог і мастоў. У 1914 годзе сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні, у Кіеве, і толькі ў 1918 годзе вярнуліся на Беларусь.
Чытаць і пісаць па-руску навучылі бацькі. Пасля вучыўся ў польскай пачатковай школе.
У 1926 годзе Іван Міско паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Тут пачаў знаёміцца з роднай літаратурай. Беларуская паэзія стала для юнака жыццёвым спадарожнікам, і ён сам пачаў пісаць вершы. Але ў 1928 годзе  каля сотні вучняў, у тым ліку і Івана Міско, выключылі з гімназіі за падпольную дзейнасць супраць польскіх уладаў. Спробы працягваць вучобу ў Клецкай і Навагрудскай гімназіі  былі таксама безвыніковымі.
У  1931 годзе  юны “бунтар” апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры пад наглядам польскай паліцыі.  З гэтага часу будучы пісьменнік цалкам прысвяціў свой час паэтычнай творчасці.
Вершы, каб не ведала паліцыя, хто піша,  падпісваў псеўданімам Анатоль Іверс, дома хаваў у саламянай страсе, пасылаў у віленскія беларускія газеты і часопісы (“Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Асва” і інш.).
Першы верш “Вёска” быў надрукаваны ў часопісе “Літаратурная старонка” ў студзені 1934 года.  
У 1939 годзе ў Вільні выйшаў з друку першы паэтычны зборнік  Анатоля Іверса “Песні на загонах”, які змяшчаў 26 вершаў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Дарафеевіч працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца”.  У 1940 годзе стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Іверс стаў адным з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху на Слонімшчыне. У ліпені 1943 года гітлераўцы пачалі арышты падпольшчыкаў. У рукі СД трапілі сябры-падпольшчыкі Іверса, а таксама жонка Вера Міско. Усе яны загінулі ў лагерах смерці. Анатолю Іверсу з астатнімі падпольшчыкамі ўдалося дабрацца да партызан.
У лесе выдаваў лістоўкі і антыфашысцкую газету „Барацьба”.
Быў абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Разам з тым, прызначаны намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Ф.Э.Дзяржынскага брыгады імя К.К.Ракасоўскага па разведцы.
У гады вайны ад рук фашыстаў загінулі ўсе родныя паэта: жонку і бацьку Анатоля Іверса вывезлі ў Калдычэўскі лагер смерці і расстралялі. Брат-партызан загінуў у баях з акупантамі. Жахлівую, прапітаную болем тэму вайны паэт адлюстраваў у сваёй творчасці (“За край”,“Ліст у Нямеччыну”).


Пасля вайны да 1947 года Анатоль Іверс працаваў адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты “Вольная праца”. З 1947 па 1949 гады – сакратаром выканкама Слонімскага гарсавета.  Але, нягледзячы на былыя заслугі перад Айчынай, Анатоль Іверс савецкай уладзе “не внушал политического доверия». Таму замест творчай працы паэт з 1949 па 1965 гады працуе спачатку майстрам на смолазаводзе, а потым тэхнолагам лесахімічнага завода. 

У 1964 годзе  Анатоль Іверс усё ж такі атрымаў партызанскія дакументы,  урадавую ўзнагароду.  Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.
У 1966 годзе вярнуўся ў рэдакцыю слонімскай газеты “За перамогу камунізму” (былая “Вольная праца”).
З мая 1972 года – на пенсіі. Але з 1976 да 1984 года працаваў адказным сакратаром раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Вынікам творчага шляху Анатоля Іверса сталі шэсць паэтычных зборнікаў: “Песні на загонах” (1939) „З пройдзеных дарог” (1970), „Жыву ў бацькоўскім краі” (1982), „Я пайшоў бы ўслед за летам” (1987), „Прыдарожныя сосны” (1995), „Травень” (1998).
Шмат вершаў Анатоль Іверс прысвяціў сваёй Слонімшчыне: “Мой горад”, “Слонім – мой родны горад”, “Па-над Слонімам стыне…”, “Чамяры”, паэма “Вуліца Івана Дабрыяна” і іншыя.
Паэзія Анатоля Іверса напоўнена бескарыслівай любоўю да Радзімы, да свайго народа, да чалавека працы.
Памёр 26 кастрычніка 1999 года.