ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч)1880-1944
Беларускі паэт, перакладчык, музыкант,
калекцыянер, мастак пачатку XX стагоддзя

Ілья Міхайлавіч Ляўковіч нарадзіўся 20 ліпеня 1880 г. у горадзе Слоніме Гродзенскай вобласці ў сям’і вясковага каваля. Бацька, Міхаіл Ляўковіч, пераехаў у Слонім з вёскі Шайпякі (зараз – в.Шэйпічы, Пружанскі раён). Пабудаваў драўляную хату на вуліцы 3-га Мая (зараз – Чырвонаармейская). Маці, Мар’яна Мешэдэр, добра гаварыла па-нямецку, па-польску, па-беларуску.
Першую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў спачатку ў прыходскай школе, пасля скончыў Слонімскае  павятовае вучылішча.
З 1896 года працаваў пісарчуком у каморніка (землямера), затым у канцылярыі міравога суддзі.
Скончыўшы спецыяльныя курсы, юнак набыў прафесію чарцёжніка і ў 1904 годзе падаўся ў Варшаву, дзе ўладкаваўся чарцёжнікам у будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата.
У пачатку 20-х гадоў  спрабаваў перабрацца ў Вільню, але не змог уладкавацца на працу, таму ў 1924 годзе вярнуўся назад у Варшаву, дзе жыў на палажэнні то дробнага служачага, то беспрацоўнага.
У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, што прыязджалі ці жылі ў польскай сталіцы. Актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці: выступаў на вечарынах, дзе чытаў свае вершы, спяваў песні на свае словы, акампануючы на гітары.
У 1905 годзе І.М. Ляўковіч пазнаёміўся з творамі Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, з выданнямі “Наша доля” і “Наша ніва”. З 1907 года становіцца супрацоўнікам газеты “Наша ніва”, на старонках якой былі надрукаваны яго вершы пад псеўданімам “Гальяш Леўчык”.
Сярод песняроў таго часу  - Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Альберта Паўловіча і іншых - выразна гучаў і голас Ляўковіча.  Гэтаму сведчыць яго паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”, які выйшаў у свет у1912 годзе.


У сваіх творах Гальяш Леўчык выкарыстаў фальклорны матэрыял (санет “На купалле”, вершы “Чыжык”, “Вецер вее”, “Пры калысцы” і іншыя).
Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты, артыкулы з газет і часопісаў, у якіх друкавалася пра Беларусь і яе культуру.
У Слоніме ў 1920 годзе на былым бацькавым селішчы Гальяш Леўчык пабудаваў невялікую хатку (№73), якая нагадвала яшчэ адзін маленькі своеасаблівы музей беларускай літаратуры і мастацтва, падобны да музея-кватэры ў Варшаве. На сценах у рамках віселі ўласныя малюнкі Гальяша Леўчыка, фотаздымкі беларускіх паэтаў, шмат было розных кніг, роспісаў, старых рэчаў, музычных інструментаў.
Гальяша Леўчыка часта наведвалі слонімскія паэты: Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі і іншыя. Ілья Міхайлавіч уважліва ставіўся да творчасці маладых літаратараў, з задавальненнем чытаў іх вершы, даваў парады.
Зімой Ілья Ляўковіч жыў у Варшаве, а летам спяшаўся на Слонімшчыну, дзе яму найлепш думалася, пісалася.


У час Першай сусветнай вайны Ілья Міхайлавіч па стану свайго здароўя не трапіў на фронт, але пільна сачыў за яе падзеямі, на сабе адчуваў пакуты жыхароў прыфрантавых населеных пунктаў. Перажытае і перадуманае клалася ў вершаваныя радкі. (“Восень”,“Дажынкі на Беларусі ў 1920 годзе”).
Калі шматпакутная зямля Заходняй Беларусі трапіла пад уладу панскай Польшчы, Гальяш Леўчык пачаў супрацоўнічаць з заходнебеларускімі газетамі і часопісамі. У сваіх творах ён адмаўляў панскі рэжым, устаноўлены на заняволеных гонях роднага краю. (Верш “Калыханка”(1926), “Груганы").

Акрамя паэзіі, Гальяш Леўчык спрабаваў свае сілы ў прозе і публіцыстыцы, пісаў сатырычныя вершы і творы для дзяцей.
Актыўна перакладаў з польскай і рускай паэзіі. Ім перакладзены на беларускую мову асобныя творы Міцкевіча, Славацкага, Сыракомлі, Канапніцкай, Тэтмайера, Тувіма і іншых майстроў мастацкага слова.
Але, на жаль, гэтая творчая актыўнасць Гальяша Леўчыка не была выдадзена асобнымі кнігамі ці зборнікамі.
Гасцявалі ў паэта ў Слоніме і многія беларускія дзеячы: мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Адам Станкевіч, Міхась Лынькоў.
14 лістапада 1939 года  ў госці да Гальяша Леўчыка спецыяльна заехаў Янка Купала. Ён вяртаўся дадому з Беластока, дзе быў на Народным сходзе. Падахвочаны народным паэтам Гальяш Леўчык пачаў рыхтаваць да друку свае творы. Ды толькі чорная фашысцкая навала перабіла ўсе планы і мары.
У клопатах за сваю ўнікальную бібліятэку Гальяш Леўчык падаўся ў Варшаву, адкуль яму ўжо не суджана было вярнуцца. У акупіраванай немцамі Варшаве 64-гадовы паэт моцна хварэў, галадаў. 
У 1944 годзе Гальяша Леўчыка не стала.

Літаратурная спадчына Гальяша Леўчыка не такая і вялікая, але тое, што ён пакінуў для нашчадкаў, сведчыць аб арыгінальнасці і самабытнасці майстра мастацкага слова.
Да 100-гадовага юбілея паэта ў 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнай кнігай выбраныя творы Гальяша Леўчыка пад назвай “Доля і хлеб”. Выданне таксама змяшчае артыкул Уладзіміра Калесніка “Даніна сэрца”, раздзел “Успаміны пра Гальяша Леўчыка” (дзе ўспамінаюць: Зоська Верас “Гальяш Леўчык”, Анатоль Іверс “Далёкі ўспамін”, Сяргей Новік-Пяюн “Дзядзька Гальяш”).