ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Якуб Міско (Якуб Герасімавіч Міско)  (1911 – 1981)
Беларускі пісьменнік,
журналіст,
перакладчык, крытык,
заслужаны дзеяч культуры Беларусі

Якуб Герасімавіч Міско нарадзіўся 1 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Чамяры ў сялянскай сям’і.
Падчас Першай сусветнай вайны сям'я выехала ў бежанства ў Расію. Якуб вучыўся там у пачатковай школе. У 1921 годзе сям’я Міско вярнулася на радзіму.
У 1925—1928 гадах будучы пісьменнік вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Дэбютаваў у друку ў 1926 годзе, калі  ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі быў надрукаваны верш «Наперад». Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё:
Наперад, да лепшае долі!
Наперад, да сонца, да зор!
Мы ў цемры
не можам жыць болей,
Нам трэба святло
і прастор!..
За рэвалюцыйную дзейнасць быў выключаны з гімназіі.
З 1932 года працаваў у галоўным сакратарыяце рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі “Змаганне”, у 1933-1934 гг. - кіраўніком рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (да № 6), легальнага выдання КПЗБ.
Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Супрацоўнічаў у падпольным заходне-беларускім друку. На працягу 1930-х гадоў неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах.
1 лістапада 1939 года арыштаваны органамі НКУС як «правакатар», але ў красавіку 1940 годы вызвалены і рэабілітаваны.
Пасля вызвалення жыў у Чамярах, працаваў на гаспадарцы.
У 1940-1941 гадах стаў літаратурным супрацоўнікам лідскай раённай газеты «Уперад».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у разведцы дзеючай арміі на фронце, удзельнік вызвалення Берліна. Дэмабілізаваўся ў званні маёра. Узнагароджаны 5 ордэнамі.

З 1948 па 1949 гг. вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Але працоўны шлях прысвяціў журналістыцы. На працягу 1947-1976 гадоў працаваў у «Сельской газете». З 1976 па 1981 гг. - у часопісе «Коммунист Белоруссии».
Член Саюза журналістаў Беларусі (з 1958).
Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі, рэцэнзіі на кнігі Максіма Танка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Касько.
Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў. На беларускую мову пераклаў творы К.Брандыса, М.Жулаўскага, Е.Путрамента, М.Каўнацкай.
У 1967 годзе Якубу Міско было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Да апошніх сваіх дзён наш зямляк шмат працаваў, пісаў, сустракаўся са сваімі сябрамі.
Памёр 23 кастрычніка 1981 года. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Пасля смерці Якуба Міско народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сабраў яго лепшую спадчыну і выдаў асобнай кнігай «Маё маўклівае сэрца». У першы раздзел кнігі ўвайшла дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», у другі — нарысы, артыкулы і гумарэскі. Ва ўступным слове да кнігі Янка Брыль адзначыў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе лепшых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У гэтай цікавай, высокакультурнай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае аўтар — як актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей свайго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у выпрабаваннях на сталасць». (Брыль Янка. Замест прадмовы // Міско Якуб. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983. С. 4.).