ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Сяргей Новік-Пяюн (Сяргей Міхайлавіч Новік) 1906-1994
Беларускі паэт, празаік

Сяргей Міхайлавіч Новік нарадзіўся 27 жніўня 1906 года ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. 
З 1918 па 1924 год вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі.
У 1925 – 1926 гг. быў слухачом беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, дзе атрымаў званне беларускага настаўніка.
У 1925 годзе ў часопісе “Студэнцкая думка” ўпершыню быў надрукаваны верш пачынаючага паэта пад назвай  “Не бядуй”
Пасля заканчэння курсаў Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ў родную вёску Лявонавічы, дзе ў 1926 годзе стварыў беларускі народны хор, арганізаваў драматычны тэатр, бібліятэку. Малады настаўнік стварыў гурток Таварыства беларускай школы, заклікаў любіць роднае слова і вучыць дзяцей па-беларуску, за што быў асуджаны польскімі ўладамі і высланы на 5 гадоў у Памор’е ў г. Свеце над Віслай. 
Менавіта ў высылцы быў напісаны самы вядомы верш-песня С. Новіка-Пеюна “Зорачкі” (1929)
Пасля вызвалення з высылкі ў сярэдзіне 1931 г. Сяргей Міхайлавіч апынуўся пад наглядам паліцыі ў Слоніме, бо яму было забаронена жыць бліжэй за сто кіламетраў ад тагачаснай польскай мяжы. Тут 25-гадовы юнак сустрэўся з многімі сваімі аднадумцамі, пазнаёміўся з Гальяшом Леўчыкам.
У верасні 1939 года зноў трапіў у Баранавіцкую турму, адкуль быў вызвалены Чырвонай Арміяй. З 1939 года працаваў інспектарам Слонімскага павятовага аддзела народнай асветы, супрацоўнікам Слонімскага краязнаўчага музея. Вызваленне Заходняй Беларусі ад Польшчы Сяргей Міхайлавіч шчыра вітаў новымі вершамі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Новік-Пяюн забяспечваў партызан паперай для лістовак, медыкаментамі, распаўсюджваў лістоўкі. За антыфашысцкую дзейнасць у лістападзе 1943 года быў арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. У канцлагеры Сяргей Міхайлавіч не меў ні паперы, ні алоўка. Але нават ва ўмовах Калдычэва “напісаў” (вывучыў на памяць) 2 вершы: “Прысяга” і “Не гудзе зялёная дубрава” (верш прысвечаны памяці закатаваных сяброў).
За час, які правёў  Сяргей Новік-Пяюн у турмах, ён “запісаў” і захаваў у памяці больш за 20 сваіх твораў, якія пазней перанёс на паперу.
Пасля вызвалення з Калдычэва працаваў дырэктарам Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея.
14 снежня 1944 г. па ілжывым даносе без прад’яўлення афіцыйных абвінавачванняў С. Новік-Пяюн быў арыштаваны органамі НКУС і высланы на 10 гадоў на Калыму. Верш “Ноч у камеры”, адзін з самых моцных вершаў паэта, напісаны збалелым ад несправядлівасці сэрцам у маі 1945 года.
З 1953 па 1958 г. горкі лёс кідае Сяргея Міхайлавіча на Якуцкія лесапавалы, шахты, руднікі, дзе працуе лесарубам, шахцёрам, драбільшчыкам руды, фельчарам.
У высылцы паэт захапіўся эсперанта (міжнародная мова), арганізаваў гурток для якуцкіх дзяцей у школе пасёлка. Новік-Пяюн - аўтар міжнароднага гімна эсперантыстаў. 

У 1958 годзе быў рэабілітаваны і  ў 1959 годзе  вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, пасля – у Мінску, дзе ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме на вуліцы Купрыянава, 9.
Вынікам творчага шляху Новіка-Пеюна сталі драматычныя і вершаваныя творы як для дарослых, так і для дзяцей.
З 1927 па 1931 год супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым часопісам  “Заранка”, дзе пад псеўданімам “Малады Дзядок” змяшчаў свае вершы, апавяданні, казкі, жарты, п’есы, малюнкі, песні, да якіх сам ствараў музыку, вёў перапіску з юнымі чытачамі, перакладаў творы з рускай, украінскай, польскай і іншых моў.
У 1927 годзе ў Вільні выйшлі з друку п’есы С. Новіка-Пеюна “Ёлка Дзеда Мароза” , “Цудоўная ноч”, “Пакой у наймы”, у 1939 – “Прадка пад крыжам”.
У 1940 – 1941 гадах друкаваўся ў слонімскай раёнай газеце “Вольная праца”. У перыяд жыцця на Калыме вершы і артыкулы Новіка-Пеюна на рускай мове друкаваліся ў газетах “Социалистическая Якутия”, “Молодой коммунист”, “Молодёжь Якутии”, “Северная заря”. 
У 1984 годзе С. Новік-Пяюн быў прыняты ў члены СП Беларусі.
С. Новік-Пяюн – аўтар зборніка паэзіі “Заўсёды з песняй” (1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя” (1986), зборніка “Песні з-за кратаў” (1993), успамінаў пра Я. Купалу, Г. Леўчыка, Я. Карскага, І. Стаброўскага.
Пераклаў на беларускую мову творы А.Пушкіна (“Русалка”), Л.Талстога (“Першы вінакур”), польскую камедыю “Муж у ветлівасці” А. Абрамовіча і Р. Рушкоўскага. 
 Новік-Пяюн вядомы і як песеннік. Напісаў каля 100 песень (словы і музыка Новіка-Пеюна). Такія песні, як “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”) трапілі ў разрад народных.
Да фільма “Боль мой - Хатынь” (1969), дзе зняўся і сам Новік-Пяюн, ім была напісана песня “Сэрца, не плач!”.

26 жніўня 1994 года сэрца беларускага пісьменніка спынілася.