ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"


Рудольф Пастухоў (Рудольф Аляксеевіч Пастухоў)
1936 -1997
Слонімскі паэт, аўтар кнігі вершаў “Судьба”

Нарадзіўся 26 верасня 1936 года ў Рыбінску Яраслаўскай вобласці. Рана застаўся без бацькоў, таму трапіў у ГУЛАГ, дзе адчуў усе жахі сталінскага рэжыму. Рос і выхоўваўся ў Буйскай дзіцячай працоўнай калоніі Кастрамской вобласці (1950-1953 гг.), дзе ў 1951 годзе напісаў свой першы верш, змешчаны ў насценнай газеце.
Шляхі-дарогі кідалі паэта па ўсёй былой дзяржаве. Працаваў на лесапавалах, у каменным кар’еры, на таёжных будоўлях, быў поварам, цесляром, сувязістам, электрыкам, кіраўніком дому культуры. І дзе б ён не быў, заўсёды яго спадарожніцай была творчасць. Свае вершы ён пісаў усюды: за кратамі, у тайзе, на лесапавале, у каменным кар’еры, у доме культуры, на фабрыцы… Вершы паэта друкаваліся ў перыядычных выданнях Казахстана, Алтая, Томска, Яраслаўля.

У 1970 годзе пераехаў у Слонім, дзе і застаўся жыць. Працаваў электрыкам на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы.
Свой вольны час Рудольф Пастухоў прысвячаў паэтычнай творчасці. Асабліва любіў пісаць вершы на дачы ў Чамярах.

Асноўная тэма паэзіі Рудольфа Пастухова – рабочая. Вершам уласцівы аптымізм, гатоўнасць супрацьстаяць любым цяжкасцям, уменне адчуць сябе шчаслівым у  цэнтры рабочых будняў. Але ўмеў ён пісаць і ўсхваляваныя вершы, адклікаючыся на падзеі сучаснасці.

Першая паэтычная падборка Рудольфа Пастухова з’явілася ў мясцовай газеце “За перамогу камунізму”.   Пасля яго вершы друкаваліся ў газеце  “Гродзенская праўда”, часопісах “Нёман”, “Крыніца”, у альманаху “Золак над Шчарай”, у штотыднёвіку “ЛіМ”, штогодніку “Дзень паэзіі – 98” і іншых расійскіх і беларускіх перыядычных выданнях.

Акрамя паэтычнай творчасці Рудольф Пастухоў пэўны час актыўна займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, быў абраны дэпутатам Слонімскага гарадскога Савета дэпутатаў (1990г.).
Узнагароджаны значком “Актывіст Савецкага фонду міру”.
У 1994 г. з друку ў Слоніме выйшаў першы і адзіны зборнік паэзіі “Судьба”. Гэтая кніга – лёс паэта. Гэта балючая споведзь чалавечай душы, якую напаткаў жорсткі лёс.
Рускамоўныя вершы паэта аўтабіяграфічныя, яны нібы раскладзены ў храналагічнай паслядоўнасці: пасляваеннае дзяцінства, лагер, праца, каханне, мясціны над Шчарай. Тут і “томящая грусть и зовущая память», тут і тая «горбушка, триста граммов хлеба, что мне отвесила война», тут і «холмик моей мамы», і «шаги часового…». З дапамогай паэтычнага слова  Рудольф Пастухоў успамінаў, разважаў пра перажытае – каб выгаварылася збалелая душа.
Тут і філасофскі падтэкст:

  • гісторыя чалавека на яго шляху ад цемры да святла.

“Я солнце собираю по лугам,
В охапку, как большой букет сирени,
Несу тебе – пусть светит по ночам,
Убрав из жизни сумерки и тени…”

Рудольф Пастухоў рыхтаваў да друку другі зборнік сваіх вершаў. Займаўся перакладамі. Працаваў над п’есаў “Камера”, якая засталася незакончанай.

15 верасня 1997 года  паэта не стала. Пахаваны, як і прасіў пры жыцці, у вёсцы Заверша Слонімскага раёна, на радзіме продкаў сваёй жонкі. Менавіта гэтым Рудольф Пастухоў у апошні раз зазначыў сваю прыналежнасць да Беларусі, хоць этнічна і не з’яўляўся беларусам.