ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Алена Руцкая (Алена Вітальеўна Руцкая) 1950 г.
Беларуская паэтэса, метадыст, літаратуразнавец, выдатнік асветы,
заслужаны настаўнік Беларусі

Алена Вітальеўна Руцкая нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. Чытаць навучылася вельмі рана, у 5-гадовым узросце. Напэўна, таму першыя вершы будучай паэтэсы пачалі з’яўляцца яшчэ ў малодшым узросце.
У 1961 годзе сям’я Руцкіх пераехала ў Слонім. Алена закончыла сярэднюю школу  №7 і паступіла на  філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах паэтэсы, выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. Гэта працяг дынастыі: дзядуля будучай паэткі працаваў загадчыкам дзіцячага дома, маці была настаўніцай.
Вучоба ў БДУ прыйшлася на той час, калі там выкладалі такія майстры слова, як прафесар Ларчанка М.Р., Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Алег Лойка і іншыя выдатныя асобы.
У той жа час ва ўніверсітэце дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Узлёт” (кіраўнік Алег Лойка), якое аб’ядноўвала як крытыкаў, так і літаратараў. “Узлётаўцы” наведвалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе прысутнічалі на  імпрэзах і творчых вечарынах, пасля абмяркоўвалі пачутае. Акрамя гэтага, была магчымасць выступаць з уласнымі творамі перад навучэнцамі школ, працоўнымі.
Упершыню ў друку  Алена Руцкая выступіла ў 1966 годзе ў газеце “Голас Радзімы”.
У 1971 годзе юнай паэтэсе пашанцавала пабыць на фестывалі маладых літаратараў з усяго ў тыя часы Савецкага Саюза ў Ерэване. Фестываль, па словах Алены Руцкай, стаў штуршком да перакладчыцкай дзейнасці. І сёння яна перакладае творы з украінскай і рускай мовы на беларускую.

Пасля заканчэння БДУ (1971 г.) Алена Руцкая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сценявіцкай васьмігадовай школе Слонімскага раёна, у Судзільскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна. З 1977 г. настаўнічала ў сярэдняй школе №2 горада Слоніма, дзе, па словах Алены Руцкай, усіх іх “…натхняла на працу і творчасць Людміла Антонаўна Клімовіч. І тое, што я ў 1986 годзе стала заслужанай настаўніцай – гэта і яе заслуга” (з тэлефоннай размовы Сяргея Чыгрына з паэтэсай, 1999 г.).   
З 1977 года пачала друкаваць рэцэнзіі, нарысы на маральна-педагагічныя тэмы, артыкулы па выкладанню беларускай мовы і літаратуры ў школе.
У 1982 годзе Алене Руцкай прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. У 1986 годзе – “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
З 1985 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
З 1992 г. жыве ў Гродна. Працуе ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы, выкладае методыку літаратуры, рыторыку. Супрацоўнічае з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў.

У сваім жыцці Алена Руцкая нібы вядзе паралельна дзве адметныя лініі, якія ўдала пераплятаюцца: паэтычная творчасць і выкладчыцкая дзейнасць.
Аўтар паэтычнага зборніка «Роздум» (1988), калектыўных зборнікаў паэзіі, вершаў для дзяцей, шматлікіх публікацый. Вершы паэтэсы кранаюць лірызмам, апавядальнасцю, вытанчаннасцю. У паэзіі спрабуе знайсці адказ на шматлікія пытанні, якія ставіць перад чалавекам час:
Жыццё пражыць – не поле перайсці.
Жыццё пражыць – сваё засеяць поле.
Як зазначае літаратуразнавец Пятро Маляўка, яе творы — “эстэтычнае сцвярджэнне народных маральна-этычных каштоўнасцей, паэтызацыя пачаткаў народнага жыцця”.
Алена Руцкая цудоўна валодае гумарыстычным словам. Яе сатырычным вершам і байкам характэрны дасціпны гумар, шматзначны сэнс, лёгкасць успрымання.
Многія творы паэтэсы перакладзены на рускую, украінскую, польскую, армянскую і іншыя мовы.

Педагагічнае майстерства Алены Вітальеўны высока ацэнена ўзнагародамі, прызнаннем калег, настаўнікаў. Педагагічны вопыт заслужанай настаўніцы Беларусі і сёння запатрабаваны як у школе, так і ў ВНУ. Алена Руцкая з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў у галіне методыкі выкладання літаратуры, рыторыкі. Выкладчыкам роднай мовы адрасаваны яе шматлікія выданні: "Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе" (2000); "Пазакласная праца па беларускай літаратуры" (2000); "Методыка выкладання беларускай літаратуры" (2004); "Беларуская літаратура ў школьным выкладанні. Вучэбна-метадычны дапаможнік" (2006) і іншыя.

Алена Вітальеўна з'яўляецца членам журы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. На вершы паэтэсы кампазітар Алег Пяткун напісаў гімн алімпіяды, які ўжо некалькі гадоў натхняе творчую моладзь:
Плыві,плыві ладдзя аліпіяды,
Пад ветразямі ведаў праз гады.
Няхай навукі вабяць далягляды
Таленавітых, творчых, маладых!

Сёння Алена Вітальеўна — дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы, лiтаратуразнавец, метадыст, лiтаратурны крытык, заслужаны настаўнiк Беларуci, выдатнік асветы,  паэтэса, член СПБ, сябра рэдакцыйнай рады часопіса “Беларуская мова і літаратура”.