ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Алесь Сучок (Пётр Навумавіч Дабрыян) 1916-1993
Беларускі паэт

У гады Першай сусветнай вайны сям’я Дабрыянаў з вёскі Какошчыцы падалася ў бежанства далёка на ўсход ад Беларусі. Там, на чужыне, у пасёлку Ахматава Алатырскага раёна Чувашыі 7 кастрычніка 1916 года нарадзіўся будучы паэт Пётр Навумавіч Дабрыян.
Бацька Навум Васільевіч працаваў млынаром, але ў 1918 годзе памёр на чужыне. Маці Юстына Мікалаеўна з трыма дзецьмі ў 1922 годзе вярнулася на радзіму ў вёску Какошчыцы Слонімскага раёна.
У 1926 годзе Пётр Дабрыян пайшоў вучыцца ў польскую пачатковую школу ў вёсцы Мяльканавічы. У 1932 годзе скончыў 5 класаў. Па прычыне складаных матэрыяльных умоў вучыцца далей не было магчымасці, і падлетак застаўся працаваць на гаспадарцы.

Юнак актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную барацьбу за незалежнасць Заходняй Беларусі ад Польшчы, за родную мову, за што быў неаднаразова арыштаваны. Адбыў 4 гады турэмнага зняволення ў турмах Слоніма і Беластоку (1935-1937гг.).
27 красавіка 1939 г. быў арыштаваны і высланы ў канцлагер Картуз-Бяроза, адкуль у верасні 1939 г. быў вызвалены Чырвонай Арміяй.

Будучы на волі ці ў турме, Пётр Навумавіч актыўна займаўся паэтычнай творчасцю. Вершы адсылаў у Вільню пад псеўданімам “Алесь Сучок”.
У 1938 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі” змясціў яго першы верш “Я бачыў”. Праз год на старонках гэтага ж перыядычнага выдання былі надрукаваны новыя вершы Алеся Сучка:
“Зіма”, “Мне ахвота”, “Вясна, вясна, прыйдзі хутчэй”.

У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Герой твораў заходнебеларускага паэта быў моцны і рашучы чалавек, які верыў у сілы народа:                                     
Мы здабудзем перамогу,
Бо за намі ўвесь народ.
Падымайма ўжо трывогу,
Смела пойдзем у паход.            

Пасля вызвалення з Картуз-Бярозы Пётр Дабрыян працаваў літработнікам у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны  Алесь Сучок з 1942 года ўдзельнічаў у падпольным антыфашысцкім руху, быў сакратаром падпольнай антыфашысцкай арганізацыі Какошчыцкага падраёна. З красавіка 1944 года ваяваў у партызанскім атрадзе імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага, быў літработнікам падпольнай газеты “Вольная праца”.
Восенню 1944 года Пётр Дабрыян быў прызваны на фронт. Служыў у кавалерыйскім палку, дывізіёне баявога забеспячэння кавалерыйскай школы. Дэмабілізаваны ў пачатку мая 1946 года.
За мужнасць, праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Алесь Сучок узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, баявымі медалямі.
У пасляваенны час жыў у Азярніцы.  Працаваў загадчыкам вясковага Азярніцкага клуба (1948-1950), старшынёй Азярніцкага сельскага савета (1950-1953), інструктарам Слонімскага РК КПБ (1953-1955).  Перад пенсіяй працаваў у калгасе, на чыгуначнай станцыі “Азярніца”.
Пётр Навумавіч Дабрыян быў жыццярадасным і актыўным чалавекам. Ён паспяваў усюды: пісаў вершы, удзельнічаў у тэматычных і літаратурных вечарынах, паседжаннях раённага літаб’яднання, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі.
Пры рабоце з моладдзю Пётр Навумавіч надаваў вялікую ўвагу выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да роднай зямлі, да спадчыны, за што ў 1972 г. быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У вольны час пісаў вершы, дасылаў свае творы пра вясковае жыццё ў раённы і абласны друк. Яго вершы друкаваліся ў раённай газеце “За перамогу камунізму”, у абласнойгазеце  «Гродзенская праўда», у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі». Лепшыя з’яўляліся на старонках літаратурных выданняў, у калектыўных зборніках: “Сцягі і паходні” (Мн.,1965г.), “Ростані волі” (Мн., 1990), “Золак над Шчарай” (Слонім, 1994). Але ўласнага зборніка паэт не дачакаўся.

27 жніўня 1993 года Алеся Сучка не стала. Пахаваны ў вёсцы Азярніца.

У 2012 годзе, дзякуючы  намаганням слонімскага краязнаўца Сяргея Чыгрына,  у свет выйшаў паэтычны зборнік Алеся Сучка “Захацелася шчасця”, дзепад адной вокладкай заслужана змясціліся лепшыя грамадска-палітычныя, лірычныя і пейзажныя творы і вершы-прысвячэнні паэта.

У Музеі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа захоўваюцца падораныя паэтам каштоўныя рукапісы з асабістым подпісам Алеся Сучка.