ДУК "Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа"

Васіль Супрун (Васіль Рыгоравіч Супрун) 1926-2007
Беларускі паэт,
краязнавец, гісторык

Васіль Рыгоравіч Супрун  нарадзіўся 10 сакавіка 1926 года ў вёсцы Глоўсевічы  ў сялянскай сям’і.  Першапачатковую грамату засвоіў дома, а ў 1933 годзе быў прыняты ў другі клас польскай школы ў Глоўсевічах.
Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў 6 класаў беларускай школы. Ды хутка дзяцінства перарвала вайна. Будучаму пісьменніку, якому толькі споўнілася 15 гадоў, давялося жыць, хвалявацца, назіраць за бязлітасцю чужакоў, гараваць разам з іншымі беларусамі ў той страшэнны акупацыйны час.
Васіль Супрун вучыўся ў адзінай у раёне Слонімскай сямігодцы. Асабліва цікавіўся гісторыяй Беларусі і  беларускай літаратурай.
Летам 1942 года ў Слоніме арганізоўваліся трохмесячныя настаўніцкія курсы, і Васіль,  яшчэ не закончыўшы сёмы клас, падаў заяву на гэтыя курсы. Сканчыўшы іх,  у шаснаццацігадовым узросце атрымаў дакумент на права працаваць настаўнікам пачатковай школы, але юнак прадоўжыў вучобу ў настаўніцкай семінарыі, якая ў той час стваралася ў Слоніме. Вучоба была нерэгулярная. Трэба было адрывацца ад заняткаў, каб хоць крыху дапамагаць бацькам.
Восенню 1943 года Васіль  з сястрой атрымалі афіцыйныя дакументы на прымусовы выезд на працу ў Нямеччыну. Ратуючыся ад такой бяды, юнак з вялікімі цяжкасцямі паспрабаваў вярнуцца ў настаўніцкую семінарыю (даведаўся ад сяброў, што навучэнцаў вызваляюць ад прымусовага вывазу).
Праз некалькі дзён Васіль Супрун атрымаў студэнцкі “аўсвайс”, які дазволіў яму застацца на радзіме і працягваць вучобу ў семінарыі.
Няпросты быў той год вучобы ў настаўніцкай семінарыі, але юнак вучыўся, хоць з пропускамі і цяжкасцямі.
Для набыцця вучнёўскіх прыналежнасцей юнак выкарыстоўваў сціплыя ганарары за вершы, якія пачалі друкавацца на старонках мясцовых газет. Часта Васіль Супрун наведваў музей і Сяргея Новіка-Пяюна, прымаў удзел у вучнёўскіх вечарах, прымеркаваных да знамянальных датаў, выступаў там з вершамі і рэфератамі.

У 1944 годзе 18-гадовы Васіль Супрун быў назначаны дырэктарам Міжэвіцкай школы. Вельмі нялёгкім быў пачатак настаўніцкай працы амаль на пустым месцы, таму што школа была знішчана немцамі. Навучальны 1944-1945 год Васіль Супрун  закончыў з моцна падарваным здароўем, але ўсё ж змог дабудаваць перавезены немцамі драўляны будынак пад школу, крыху абсталяваць яго і выпусціць групу здольных навучэнцаў, якія затым змаглі паспяхова закончыць інстытуты. Той год стаўся сапраўдным выпрабаваннем на вынослівасць і сталасць. З дапамогай медыцынскіх дакументаў аб стане здароўя удалося, нарэшце, перавесціся працаваць у школу роднай вёскі - Глоўсевічы.
Вайна скончылася. Але з прыходам новых уладаў у край прыйшлі і новыя трывогі. Пачалі праследаванні, арышты, аблавы і прымусовыя вывазы моладзі ў Сібір.
Напачатку 1946 года настаўніцтва і моладзь Слонімшчыны стварылі падпольную беларускую арганізацыю з канспірацыйнай назвай «Чайка», якая ставіла сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць свайго народа, яго культуру, мову, гісторыю, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Быў створаны Цэнтр беларускага вызваленчага руху (ЦБВР). Кіраўніком ЦБВР быў абраны Васіль Супрун.
У чэрвені 1947 года беларускіх патрыётаў пачалі арыштоўваць. Быў арыштаваны і Васіль Супрун. 21 лістапада 1947 – безпадстаўны несправядлівы прыгавор: 25 гадоў зняволення ў лагерах і 5 гадоў паражэння правоў. Асуджанны ваенным трыбуналам на такі вялікі срок, Васіль Супрун адбываў пакаранне ў турмах Баранавіч, Мінска, Гродна, Оршы і лагерах Інты і Варкуты.
Неадступнымі  спадарожнікамі паэта былі вершы.
16 чэрвеня 1956 года, згодна пастановы Вярхоўнага Савета СССР, Васіль Супрун быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. У снежні 1956 вярнуўся на родную Слонімшчыну, дзе  адразу ж быў узяты спецслужбамі на ўлік і строгі нагляд.
Працаваць настаўнікам  не дазволілі, хоць і меў педагагічную адукацыю. Таму ўладкаваўся на будаўніцтва, дзе адпрацаваў каля 25 гадоў у розных арганізацыях.
З 1963 года ўвесь вольны час аддаваў даследаванням мінулага роднага краю, супрацоўнічаў з Беларускай акадэміяй навук.
Але нічым не аргументаваныя праследаванні зноў вымусілі нашага земляка пакінуць родную Беларусь і нейкі час пражыць у Алушце (Крым). Працуючы далёка ад Беларусі, паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, які завочна скончыў у 1969 годзе.

Вярнуўшыся на Радзіму, жыў у Брэсце, дзе ў 1968 і 1969 гадах працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам па помніках у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Пасля вярнуўся на Слонімшчыну, дзе зноў прыйшлося туляцца па розных будаўнічых арганізацыях, зарабляючы на пражыццё сям’і.
Адначасова ў вольны час займаўся археалагічнай разведкай і раскопкамі на Гродзеншчыне і Брэстчыне.
Плёнам шматгадовай працы Васіля Супруна стала выяўленне і першапачатковае даследаванне больш за 200 археалагічных помнікаў і аб’ектаў розных  гістарычных эпох у Слонімскім, Брэсцкім, Камянецкім, Пружанскім, Іванаўскім, Жабінкаўскім, Столінскім, Баранавіцкім, Ляхавіцкім раёнах, дзясяткі публікацый у мясцовым і рэспубліканскім друку.
Паэзія ж пачала з’яўляцца  на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» толькі ў 1989 годзе, калі былі надрукаваны некаторыя  канцлагерныя вершы з падпольнай перапіскі Васіля Супруна з Ларысай Геніюш.
Першы зборнік паэзіі “Крык” з прадмовай прафесара Алега Лойкі выйшаў толькі ў 1993 годзе. Паэтычныя радкі напоўнены духоўнай сілай і верай, нязломнасцю духу, бясконцай любоўю да роднага краю.

Так, каб жыць, каб тварыць, каб змагацца, любіць,
Трэба ўмець супроць хваляў і гора
Непакорна плысці, сваё Заўтра знайсці —
Яно лепей, чым нашае ўчора.

У 1994 годзе з друку выйшаў другі зборнік вершаў Васіля Супруна “Рэха абуджаных дзён” і кніга гістарычна-краязнаўчых нарысаў “За смугою часу” (1994), у якую ўвайшлі матэрыялы па гісторыі Слонімшчыны (перыяд да Першай сусветнай вайны 1914 года).
У 1995 годзе Васіль Супрун прыняты ў  Саюз беларускіх пісьменнікаў.
У наступныя гады свет пабачылі выданні:

  • паэтычныя зборнікі:  “Жыць для Беларусі” (1998) і “Незабыўныя “ксівы” (1998);
  • выданне па гісторыі Слонімскай зямлі “Дзеі над Шчарай” (2000);
  • кніга  “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” (2002);
  • аўтабіяграфічныя “Штрыхі з успамінаў” (2003);
  • зборнік вершаў – “Памяці Клавы” (2005), прысвечаны жонцы Клаўдзіі Іванаўне Казіцынай-Супрун.

Сэрца таленавітага паэта, археолага, гісторыка, патрыёта сваёй Радзімы перастала біцца 30 красавіка 2007 года. Пахаваны ў Слоніме.

http://www.gs.by/images/cms-image-000056056.jpg
У  лістападзе 2015 года з друку выйшла кніга слонімскага краязнаўца Сяргея Чыгрына «125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны». Выданне прысвечана светлай памяці Васіля Супруна.